Тут можна пачытаць меркавання рэдакцыі наконт музыкі, кіно, культурнага жыцця ў Мінску і ў свеце, а таксама паспрачацца з намі.
Можа я памыляюся, але “беларускі эканамічны цуд”, які выклікаў “небывалы росквіт” а потым і “стабільнасьць” ва ўсіх сфэрах беларускага жыцьця, на жаль сур’ёзна не крануў адной надта важнай і любімай народам сфэры - беларускага кінэматографу. Калі не зважаць на такія разрэклямаваныя праекты як “У жніўні 44-га” ды “Анастасія Слуцкая”, адзінаю годнаю стужкаю, якая нарабіла шораху на міжнародных фэстывалях і выклікала пытаньні, што гэта такое Беларусь, была забароненая ў нас “Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі.
Навіна пра вяртаньне Кудзіненкі і прапанову зьняць айчынны “хорар” пэўна адна зь нешматлікіх пазытыўных навінаў на гэтым тыдні. Ну, канешне, калі не лічыць візыт Чавэса. З улікам таго, што прапанова зрабіць беларускі фільм жахаў зыходзіла ад самога Замяталіна, “знакавасьць” навіны пра магчымую “рэабілітацыю” Кудзіненкі ня меншая за той памятны візыт забароненых музыкаў у адміністрацыю Прэзыдэнта.
“Наша Ніва” паведамляе, што фільм мае рабочую назву “Масакра”. Ідэя фільму адштурхоўваецца ад гатычнай навэлы Праспэра Мэрымэ «Локіс” (Локіс – гэта мядзьведзь па-літоўску) сюжэт якой грунтуецца на славянска-балцкім фальклоры. У ёй апавядаецца гісторыя пра нямецкага прафэсара, які прыехаў у Літву да польскага графа каб адшукаць старадаўнія паданьні. Граф сам аказаўся пярэваратнем, які абарачаўся мядзьведзем і ўрэшце загрыз сваю маладую жонку.
Навэла дарэчы была ў сваім часе надта папулярная сярод рэжысёраў: у 20-я гады ў СССР быў зьняты фільм “«Мядзьведжае вясельле» па сцэнары наркама асьветы Луначарскага, у Польшчы таксама адбылася экранізацыя “Локіса” у 1970 годзе.
Аднак сцэнар “Масакры” адрозьніваецца ад арыгіналу і даволі істотна. Пра гэта чамусьці “НН” ня піша. У Мэрымэ графа завуць Міхал Шэмет, у нас жа будзе граф з дзіўнаватым і крыху сьмешным прозьвішчам Пазуркевіч (нечым нагадвае Гайдукевіча). Прозьвішча вядома з намёкам на крыважэрнасьць ды хіжасьць. Эўрапейскі адукаваны прафэсар Вітэнбах, сьвяціла навукі, у Качана ператвараецца ў нязграбнага аматара расейскай (!) літаратуры. Што ён рабіць у Беларусі? Якую “рускую” літаратуру шукае? Сцэнар поўніцца – ізноў жа па словах НН - дасьціпнасьцю, любоўю, гумарным сэксам ну і жахамі, бо ўсё-ткі хорар. Такі сабе “Турэцкі гамбіт” з элемэнтамі готыкі. У Мэрымэ вядома гэтага ўсяго не было.
Самая адметная рыса сцэнару: кожны з герояў гаворыць на сваёй мове. Граф і нявеста размаўляюць па-польску, госьці-чыноўнікі — па-расейску, а сяляне — на беларускай. У арыгінале была нямецкая, польская і жмудзінская, бо падзеі адбываюцца не ў Літве-Беларусі, а ў той, якая сёньня завецца Літвою.
“НН” піша, што гэта стыльна, а мяне неяк пакрывіла ад гэтай стыльнасьці. Чаму было не зрабіць ўсё беларускай, калі сцэнар адаптуецца пад беларускую готыку? Відавочна, што сцэнар пісаўся з прыцэлам на расейскі рынак, але мне так падаецца, што калі пішаш сцэнар трэба думаць не толькі пра рынак, а яшчэ і пра сам фільм. Якаснае прыгожае кіно на любой мове будзе мець посьпех у гледача. Увесь час плясаць “і нашым і вашым” з прыцэлам на расейскі рынак немагчыма – ножкі пазьбіваеш і сэрца пэнкне.
Посьпех у айчыннага гледача чамусьці нікога не хвалюе. На нашых “калхазанаў” ўвесь час забываюцца, а між тым менавіта для іх, неадукаваных ды цёмных, трэба рабіць перш за ўсё такія фільмы. Крыўда пачынае душыць – калі ж нехта напіша сцэнар для нас, беларусаў. Каб у цёмнай залі сэрца пачынала трапятаць ня толькі ад страху, але і ад гонару – як жа гэта прыгожа і па-нашаму.
А так атрымліваецца: прыгожы ды імпазантны, але жахлівы ды крыважэрны граф (на яго ролю сватаюць Дамагарава) гаворыць па-польску – маўляў, вось яна дваістая сутнасьць палякаў. Адукаваныя госьці з чыноўнікамі, ціпа “нармальныя” людзі (вобраз амаль станоўчы) кажуць расейскай – вось яна якая харошая Расея-матушка. Ну а “дурны мужык” і страхалюдна-пацешныя слугі балакаюць беларускаю – вось яны цёмныя “калхознікі-калдыры”. Ці не таму схапіўся палкоўнік Замяталін – таленавіты душыцель беларушчыны - за гэты сцэнар, каб паказаць другі раз пазытыўную ролю “таленавітых адміністратараў-мураўёўцаў” у акультурваньні Паўднёва-Заходняга краю (падзеі ў навэле адбываюцца якраз пасьля падаўленьня студзеньскага паўстаньня 1863 году)?
Прачытаўшы артыкул у “НН” я прыгадаў адну размову з Андрэем у кавярні ўнівэрсама “Цэнтральны”пару гадоў таму. Яго тады плюшчыла ад ідэі зьняць такія беларускія “Шырлі-мырлі” з палітычным падтэкстам. Ужо быў гатовы сцэнар, у якім маладая канадка, нашчадак беларукіх магнатаў, прыяжджае на зямлю продкаў з мэтаю здабыць спэрму "сапраўднага беларуса", спаткаецца і з апазыцыяй і з лукашэнкаўцамі і проста з “калдырамі”, аднак шчасьце (і спэрму вядома) находзіць толькі с простым хлопцам. Не ставала толькі грошай на фільм, ахвотных фінансаваць такі праект не знаходзілася. Але яму надта карцела зьняць штосьці ў такім стылю каб з размахам - з эротыкай, сярэднявеччам і палітычнай сатырай адначасова.
Тады я спрабаваў яго адгаварыць ад гэтага, увесь час нагадваючы, што добрае кіно можа быць толькі пра моцныя чалавечыя пачуцьці, мусіць грунтавацца на якаснай літаратуры і што беларусам надта не хапае такога кіно. З "Масакрай" фармальна ўсё так: “Локіс” Мэрымэ – гэта добрая літаратура і там вядзецца, між іншым пра моцнае каханьне жанчыны да графа-пярэваратня. Толькі надта ня хочацца каб адтуль стырчэлі вушы “Шырлі-мырлі” . У выпадку з “Замяталінфільмам” гэта цалкам магчыма.
Комментарии
Отправить комментарий