Закончылася, бадай, найвесялейшая дыпламатычная вайна ў Сярэдняй Еўропе – “кіўбасная”. Вялі яе ўжо пару гадоў між сабою чэхі і славакі, за права называць сваім нацыянальным прадуктам “шпікачкі”.
Вайна пачалася з таго моманту, як Славакія падала на ахоўную рэгістрацыю ЕС маркі сваіх мясных вырабаў. Чэхі з абурэннем прачыталі спіс, знайшлі ў ім “шпікачкі”, “спішскія сардэлькі” і “ліптаўскі салямі” – і рэгістрацыю ў ЕС заблакавалі.
Кіруючыся той самай матывацыяй – прадукты, бач ты, традыцыйна вырабляюцца ў абедзвюх краінах – славакі заблакавалі чэскую марку, “паляўнічы салямі”. Невядома, колькі б яшчэ прадуктаў патрапіла “пад нож”, але, як вайна пачалася, гэтак і спынілася.
Міністры сельскае гаспадаркі Чэхіі і Славаччыны дамовіліся аб супольнай рэгістрацыі спрэчных прадуктаў. Нарматыўную рэцэптуру шпікачак будуць ствараць чэхі, а сардэлек – славакі. Падзялілі таксама і салямі.
Эксперты адно спадзяюцца, што ў афіцыйныя рэцэпты не патрапіць выпадкам чаго з найноўшых гандлёвых вынаходак. Кшталту шпікачак без мяса, што паўсюдна прадаюцца ў супермаркетах. Як іх смажыць не трэба, і прыгожай “зорачкай” яны не лопаюцца, а толькі моршчацца – то хай бы і называліся сабе: “соевы прадукт”.
(паводле матэрыялу lidovky.cz)



Комментарии
Отправить комментарий