Еўракамісія змагаецца за культурную разнастайнасць на тэлебачанні. Дзеля гэтага, у межах дырэктывы “Тэлебачанне без межаў” , вымагае ад паасобных краінаў паказваць як мага болей фільмаў еўрапейскае вытворчасці.
Паводле апошняе справаздачы, ТВ-прадукцыя еўрапейскага вырабу складае цяпер 63% зместу тэлепраграмаў у ЕС. Аднак жа, гэтая лічба моцна адрозніваецца ў паасобных краінах. Найболей глядзяць еўрапейскія перадачы ў Польшчы і Даніі (81% зместу праграмаў), найменей – у Славеніі (45%) і Літве (47%).
Як вынікае, папулярнасць амерыканскай відэапрадукцыі ў Еўропе з кожным годам падае. Аднак, фільмы вытворчасці ЗША на нацыянальных тэлеканалах паспяхова замяняюцца прадукцыяй іншых канкурэнтаў: Канады, Японіі, Індыі і Кітаю.
Калі для старых членаў ЕС дырэктыва “Тэлебачанне без межаў” даўно не навіна, то Новая Еўропа, мяркуючы па звестках справаздачы, перажывае ў дачыненні да “свайго тэлебачання” зацяжны пераходны перыяд.
(паводле матэрыялу еuractiv.sk)



Комментарии
Отправить комментарий