Як вядома, лета ў Польшчы – пара фестываляў. 16-17 жніўня ў Вроцлаве адбудзецца штогадовы тэхна-з’езд Creamfields 2008. Шмат хто са славутых творцаў стылю тэхна гралі тут, але сёлета зайграе першы з іх – Хуан Эткінс з Дэтройту.
На пачатку 80-х гадоў у Дэтройце, “горадзе Форда” амаль скончылася рэвалюцыя “трэцяй хвалі”, апісаная пісьменнікам-футурыстам Элвінам Тофлерам. Так здарылася, што жыхар дэтройтскіх прадмесцяў Хуан Эткінс шмат чытаў Тофлера і адначасова складаў і запісваў электронную музыку. Спачатку у дуэце Cybotron, потым - сола для ўласнага лэйбла Metroplex (назва была ўзятая з Тофлера), але цэлы час з выкарыстаннем сінтэзатараў і розных тэхнічных прыстасаванняў і аўтаматаў. Адсюль і назва - тэхна (ізноў пад уплывам Тофлера).
Хуан Эткінс мае культавы статус у колах знаўцаў, але ніколі не быў папулярны сярод наведвальнікаў шматлікіх клубаў. У той час, як ягоныя калегі працавалі ў клубах і здабывалі папулярнасць, Эткінс замыкаўся ў сваіх праектах, як, напрыклад, “Infiniti” альбо „Model 500” і ствараў ідэі. Таму ягоныя нешматлікія творы сярэдзіны 80-х і пачатку 90-х гучаць надта свежа, нібыта самы апошні піск моды.
У Вроцлаве Эткінс выступіць разам з другім прадстаўніком пакалення “творцаў” – Карлам Крэйгам.
(па матэрыялах польскіх СМІ)



Комментарии
Отправить комментарий