Недарэмна ўкраінцы жартуюць пра Леаніда Кучму: “Ён паляцеў, але абяцаў вярнуцца”. Нядаўняе святкаванне 70-гадовага юбілею Кучмы выглядала, па маштабах і ўзроўні запрошаных, хутчэй як прыём на дзяржаўным узроўні.
Прэзідэнт Украіны ў 1994-2005 гг святкаваў народзіны ў “любімым месцы на зямлі”, на крымскім беразе Чорнага мора. Афіцыёзу, як у гады кіравання, амаль і не было: адно даслалі віншаванні Юшчанка, Пуцін і Мядзведзеў. Найцікавей выглядала гасцявое кола “найбліжэйшых сяброў” юбіляра.
Сярод 150 гасцёй свята ў пасёлку Партэніт выразна вылучалася міжнароднае “палітбюро”. Да Кучмы на свята прыехалі экс-прэзідэнты Польшчы, Румыніі і Славакіі. У інтэрв’ю прэсе Аляксандр Квасьнеўскі пахваліў юбіляра, сказаўшы, што за часамі сваёй улады той “ні ў воднай кнізе не мог прачытаць, як паводзіцца, бо кніжак такіх не было”.
І Зюганаў, і Чарнамырдзін выглядалі на свяце дарэчы і салідна, аднак, дэманстравалі сыходзячую генерацыю зорак тэлебачання. Трохі маладзейшымі тварамі свяціліся прысутныя зоркі музычнае сцэны. Калі не лічыць Кабзона з Гвердцытэлі.
Схільнасць Леаніда данілавіча да палітычнае “сіметрыі” : і нашым, і вашым – адбілася і на складзе запрошаных артыстаў. Спяваў юбіляру “наш” Кабзон, і спяваў “іхні” – Элтан Джон. А народны артыст Украіны Філіп Кіркораў, ізноў жа, дзеля сіметрыі, прывёз з сабою свайго тату.
Дэвізам інтымнага святкавання, паводле інфармацыі СМІ, сталі словы ”70 гадоў. Палёт нармальны”. То, можа, наш герой, якому брытанская зорка заспявала песеньку пра Raketman-а, яшчэ паварушыць прапелерам у палітыцы?
(паводле матэрыялу ictv.ua)



Комментарии
Отправить комментарий