Калі 22-гадовы бруклінскі мадэльер год таму выпусціў на лёд фігурыстку ў хасідскай шапцы-кучомцы і з Тораю ў руках, прававерныя юдэі змаўчалі. Але як ён стаў рабіць бюст’е з свяшчэнных пергамінаў, то сцярпець не змаглі, абразіліся.
Нью-ёркскі маладзён з расейскамоўнае рабінскае сям’і, Леві Акуноў, замест вучыць Тору, уцёк у свет высокае моды. Як кажа сам, уцёк, каб прапагандаваць эстэтыку хасідскае культуры. Сапраўды, яшчэ ніводзін куцюр’е не даўмеўся рабіць паказы пад клезмэрскія скрыпкі і выводзіць на памост дзяўчат у футраных “штэйтлах” на галовах.
Акуноў, відаць па ўсім, асоба харызматычная, бо не толькі прымусіў хасідаў “не выражацца”, але і сваім часам навярнуў у юдаізм тую самую фігурыстку. Алімпійская чэмпіёнка, украінка Аксана Баюл, у Нью-Ёрку асаблівага поспеху не мела, пакуль не сустрэла на сваім шляху Леві Акунова.
Цяперака акрыяўшая Баюл актыўна шукае ў Адэсе юдэйскія карані, дапамагае мясцовым габрэйскім сіротам і рэкламуе сваю Oksana Baiul Collection – модную лінію для коўзання на лёдзе.
Не так гладка пайшло ў самога Акунова. Нью-Ёркская хасідская грамада, хоць хасідаў і лічаць экстравагатнаю плыняю сярод юдэяў, не кожны “бізар” здольная дараваць. Прыкладам, іх страшна абражае, што модны хлопец бярэ ўзоры для аздаблення дамскіх строяў проста з арнаментаў Свяшчэннае Кнігі.
(паводле матэрыялу ictv.ua)



Комментарии
Отправить комментарий