Ва Ўкраіне працягваецца шалёны турыстычны брэндынг. Як на Захадзе, так і на Ўсходзе. Херсонская адміністрацыя актыўна ўзялася за рэкламу “адзінай у Еўропе пустыні” – Алешкіўскіх пяскоў.
Абласная ўлада нават арганізоўвае пешы паход пустыняю, прысвечаны Дню незалежнасці Ўкраіны. Калі мець на ўвазе, што за Саветамі ў Алешкіўскіх пясках быў сакрэтны бомбавы палігон, і неўзарваных снарадаў там хапае, то дэвізам вандроўкі, пэўна, стане “Пацярпець за незалежнасць!”.
Для турыстычнае раскруткі Алешкіўскія пяскі – сапраўды аб’ект выгодны. 20 км ад Херсона, 75 –ад азоўскага курорта Скадоўска. А ці можна іх называць “пустыняю”, і скуль яны, гэтыя пяскі, ўзяліся – гэта ўжо справа дзесятая.
На думку навукоўцаў-стэпазнаўцаў, Алешкіўскія пяскі, што маюць памеры 15х20 км і займаюць абшары некалькіх раёнаў вобласці, ёсць феноменам штучным, антрапагенным. Як і лясы вакол іх, што трымаюць пустыню ад распаўзання.
Мацней за ўсё лесастэпы ў нізоўя’х Дняпра пацярпелі ад чалавека ў ХІХ ст. Масавая ды інтэнсіўная аўцагадоўля за паўстагоддзя ператварыла травяныя стэпы ў мёртвую пустыню. Займальна, што найболей тут гадаваў авечак акурат вялікі аматар прыроды, барон Фальц-Фэйн – заснавальнік запаведніка Асканія-Нова.
За савецкім часам Алешкіўскія пяскі, як частка гіганцкага масіву дняпроўскіх пяскоў, таксама сталі свайго роду запаведнікам. Тутака краіны Варшаўскае дамовы практыкаваліся ў бомбакіданні. Пяскі і дагэтуль знаходзяцца на балансе Міністэрства абароны, якое не ведае, што з імі рабіць.
Што да турыстычнага маршруту, то спецыялісты раяць уладам спярша паздымаць вакол пяскоў засцерагальныя надпісы “Асцярожна: бомбы!”. Ды і сам брэнд удакладніць. Бо, на думку эколагаў, херсонскі пясок – хутчэй, “напаўпустыня”. А на статус “адзінай у Еўропе” прэтэндуюць яшчэ, як найменей Калмыкія ў Расеі і Табернас у Гішпаніі.
(паводле матэрыялаў prostir.museum/news/ua i geocaching.ru )




Комментарии
Отправить комментарий